Сіле першапрычыннай, Найвельшаму, належыць пашана ад усяго жывога. Ён асновапаложнік, ён той, аб каторым пяе брамін у сваіх гімнах:
Я носьбіт і дарога, сведка і князь,
Айчына, прыяцель, прытулак;
Першапрычына, і цэль, і істасць рэчаў,
Я і захоўнік, і вечнае семя.
Калі Арфей, які быў з народаў гетаў, сяліўшыхся пад той час у Фракіі, панёс у Грэцыю навуку аб адзіным Найвельшым, то грэкі пыталі аракула, што такое Бог, якога прапаведуе Арфей? І аракул назваў Найвельшага святлом (rad), мыслю-словам (logos) і крыніцай жыцця (pneuma), якія імёны азначаюць — адзіную першапрычыну, святло духа, радасць без мучэння, першакрыніцу веды, увенчаную вышэйшай праўдай.
Правечны Кон даў права, закон людзям, звярам, птахам, полазам, рыбам, расцінам і наогул усяму, што жыве, родзіцца і памірае. Устаноўленыя ім законы вечны і непарушны. Галоўнае месца ў нашым краі, дзе складалі яму чэсць, быў Тураў і мясцовасць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захаваліся рэшткі так званых цыклапічных будоўляў у форме аграмадных каменных блокаў. Сімвалам справядлівасці ў славянаў лічыўся белы бык — тур.
І хоць даўным-даўно забылі нашы людзі старых багоў, але палеская (горадзенская) зямля дагэтуль мае ў сваім гербе тура, сімвал Правечнага Кону.
Пад гэтай Тройцай бачым мы, ніжэй, сем асоб з іх сімваламі: гэта ёсць сем галоўных сіл, уладаючых светам. Першая — Кон, Конязь, і яго сімвал сонца; другая — Княжыч, або Месяц, з сімвалам сваім — месік у маладзіку; трэцяя — Ярыла, і сімвал яго — гвязда Марс; чацвёртая — Радзігост, і яго сімвал — гвязда Меркурый; пятая — Пярун-Грамавік; шостая — Грамавіца, і яе сімвалы — гвязда Венера і пташка зязюля; сёмая — Лада, Ладон, і яго сімвал — гвязда Сатурн. Кожнай з гэтых сямёх асоб пасвячаны адзін дзень тыдня, аб чым сведчаць рунічныя надпісы пад кожнай асобай: нядзеля — соўнік, панядзелак — месіч, аўторак — ярэц, серада — радаўнік, чацвер — перунец, пятніца — грамніца, субота — ладзіч. Ніжэй гэтых сямёх асоб маецца дванаццаць сімвалаў, азначаючых 12 знакаў Задыяка, а пад імі — чатыры вятры, бытуючыя на чатырох канцах зямлі: Усток, які сухасцю тхне; Ірэй, прыносячы цяпло; Сутон, навяваючы хмары і дождж; Сівер, прыносячы сцюжу.
Сярэдні шлях малюнкаў завіраў у сабе сцэны з жыцця людзей, звяроў, птахаў, рыб, раслінаў і іншых на зямлі, у паветры, у вадзе з іх пераменамі і бытам.
У самым нізе было выабражана царства смерці, дом вечнай цемры з яго жыхарамі. На першым плане былі дзве галоўныя фігуры: Люцец, Люты (Pluto), або Кашча Бяссмертны, і яго жана — Марва. Першы выяўляў сабой худую, з вострымі людскімі рысамі і злымі вачыма пачвару, другая — мела старэчую жаночую галаву, на якой замест валасоў звіваліся сыкучыя змеі. Яе мясістае тулава апіралася на чатырох лапах і заканчвалася драконаўскім хвастом. Па-за гэтымі галоўнымі постацямі віднеліся пачварныя духі краіны смерці і бесканечны лік бледных людскіх постацей.
Мазаіка памосту пакрыта была сімвалічнымі знакамі, значэнне якіх я не знаў і не адважыўся спытаць аб іх.
— А цяпер, — сказаў Іван Іванавіч, — каб пасунуцца далей у лабірынты, нам трэба сесці ў гэтыя крэслы.
Зачараваны веліччу абразоў, развінутых Іванам Іванавічам, я спытаў яго:
— Чаму ж усё гэта заняпала, чаму забыта?
І Іван Іванавіч сказаў:
— Герадот апавядае, што паўночныя краіны Эўропы былі найлюднейшымі пасля Індыі. Паўночныя народы, якіх звалі гіпербарэйцамі, займаліся лавецтвам, скацежніцтвам і ратайствам. Зналі рамёслы і асабліва любаваліся ў вызнанні прыроды, а дзеля гэтага былі носьбітамі высокай веды. З берагоў Герадотаўскага мора, цяперашняга палескага краю, паходзіў вялікі індускі рэфарматар — Рама. Ален-гіпербарэец вывеў з поўначы калонію вучоных, якія сталіся ў Грэцыі кастай святароў і асновапаложнікамі чэсці Апалона і Дыяны ў Дэласе.
З поўначы, са славяна-гецкай зямлі, прыбыў у Грэцыю Арфей, заснавец гарадоў, вучыцель мастацтва і рамёслаў. З поўначы прынёс Праметэй святло, за што быў неміласэрна пакараны.
Праметэй, першы цывілізатар Грэцыі, прыкаваны за гэта да Каўказскай скалы, паводле слоў Эсхіла, жаліўся: «Багі, мне дзеецца крыўда! Паслухайце, што я даканаў дзеля смяротных. Дзякуючы мне са звярат, якімі былі, сталіся людзьмі. Сляпыя, глухія, як мары, яны туляліся без правоў і ладу, не ўмелі будаваць дамоў, пячоры былі ім адзіным прытулкам, цягнулі жыццё няпэўнае, не разрознівалі часу і пор году. Я першы навучыў іх пазнаваць ход гвёздаў, навучыў іх знакаў пісьма, знакаў лічэння, абдарыў іх памяццю, маткаю муз, навучыў іх лавецтву. За што ж карае мяне завісны Зеўс? Ці ж бы за святло, збліжаючае людзей да багоў?»
Грэцкія пісьменнікі самі сведчаць, што жыўшыя на поўнач ад іх паўночныя народы занеслі ў Грэцыю не толькі некаторыя мастацтвы, але і цэлую рэлігійную сістэму, навукі і ўмеласці. Славянскія народы, як, прыкладам, — курэты, квірыты, або крывіты, — ужывалі рунічнага пісьма задоўга да прыбыцця ў Грэцыю феніцыянскага Кадмуса. Іхнія будоўлі напаміналі цыклапічныя, адзначаючыся незвычайнай трываласцю. У першых іхніх сялібах, прыкладам, на гарах Алімпійскіх, Геліконскіх і Пандэйскіх насамперш зараджаюцца рэлігія, музыка і філасофія, якой пасля славілася Грэцыя. Згэтуль выходзіць Апалон, які займаўся тут пастырствам. Арфей (orfeos — цёмны), праўдападобна сляпы, як Гамер, сваёй вымоўнасцю аблашчываў дзікіх звяроў і лагодзіў дзікасць тыбульскіх барбараў. На чароўны, акудны гуд яго ліры палі змяняюцца ў гарады (грэцкае: горад — paleis). Ален, Тамарыс і Лінэй, таксама, як Арфей, сваімі прамовамі скланяюць тубыльцаў пакінуць людскія ахвяры багам, а здаецца, і вырачыся людаедства.