Лабірынты - Страница 5


К оглавлению

5

— Не рушай павагі месца гэтага мовай сваіх турботаў. Хадзі за мной!..

І мы моўчкі скіраваліся ў праход, з якога выйшаў Іван Іванавіч. Ён ішоў наперадзе, а я за ім. Цяпер я толькі разгледзеў, што белая яго вопратка была ў форме доўгай шырокай кашулі з шырокімі пурпуровымі шлякамі на падоле і рукавах; клабук быў таксама падбіты знізу, на адваротах брыля, пурпуровай тканінай. Ішлі мы размернай, роўнай поступпю, лукавыгібістым шырокім праходам, на сценах якога меліся павяўшыя ад часу малюнкі і нейкія надпісы, абкружаныя арнаментамі. Памост быў заложан з чатырохкантовых каменных плітаў. Гэтак у маўчанні прайшлі мы не менш за 200 крокаў, калі ўрэшце сталі перад глухой сцяной, якой канчаўся праход.

Іван Іванавіч падняў руку ўверх і ляскай, на якую апіраўся, моцна націснуў на разетку над круком, упраўленым у скляпенне. Глухая сцяна, перад якой мы стаялі, спярша дрыгнула, а пасля пачала звольна апускацца наперад, і перад намі адкрылася круглая саля, сцены і столь якой пакрыты былі рысункамі, а памост — мазаікай. Саля была саўсім пустой, толькі з правай стараны, пры сцяне, стаялі тры каменныя седзішчы.

— Во тут, на гэтых сценах, — пачаў Іван Іванавіч, — забразавана істота нашай старой веры, якая апіралася на траістасці ўсяго існуючага. Уверсе — выабражаны сілы нябесныя, усярэдзіне — жыхары зямлі з іх турботамі, унізе — загробны свет з яго валадарамі і жыхарамі. Кожны з гэтых светаў, паводле старой навукі, распадаўся ў свой чарод на тры істотныя характары. Усе сістэмы рэлігійныя, ад пачатку існавання ў чалавецтве сведамай мыслі, прызнавалі гэтую траістасць рэчаў. Халдэя-вавілонскія святары, якія за многа тысячалеццяў да нас слылі лепшымі ў свеце астраномамі, лепшымі пры гэтым знаўцамі матэматыкі, без якой немагчыма астраномія, і да гэтага — старэйшымі носьбітамі веды людской, — у лік сваёй Тройцы ставілі багоў Ану, Эа і Бела. Ану — гэта валадар гвяздзістага неба, першародны, старэйшы, бацька багоў. Эа — мудрэйшы, лепшы з багоў, прасвяціцель і праваднік усяму смяротнаму. Бела — сын Эа, каторы вывеў зямлю з цемры і хаосу, аддзяліў адны ад адных усе постаці і адмены, з каторых злажыўся смяротны свет, якім мы яго цяпер знаем.

У Індыі Тройцу складаюць Брама, Вішну, Шыва; функцыі, прыпісываныя асобам гэтай Тройцы, тыя ж самыя, што і ў халдэйцаў. Не чужа было і грэцкай мыслі паняцце траістасці сілы, уладаючай светам, чым галоўна цікавілася школа платонікаў, ад якіх догма Тройцы перанята была хрысціянствам.

Пасля гэтага ўступу Іван Іванавіч падняў руку ўверх, паказваючы на малюнак, і сказаў:

— Пасярэдзіне скляпення бачым мы тут тры постаці славянскай, а лепей — дака-гецкай Тройцы. Першая з іх ёсць Найвельшы (Optimus), бацька багоў, не маючый наймення. Імёны, даваныя яму рознымі народамі: Баг, Бог, Дэос, Дзевае, Гот, Элохім, Алах-Адонай — гэта ўсё яго прыметнікі, як і нашае Найвельшы, бо імені яго нельга вымавіць. Чэсць яго ў нашым народзе сягае ў вельмі глыбокую мінуўшчыну. Можна сказаць, што большасць грэцкіх мітаў цесна звязана з нашымі прашчурамі гетамі, з якімі на берагах Дуная грэкі вельмі рана саткнуліся і, наўзаемна, дзяліліся тайнамі веды. Нават наш сягонняшні край быў вядом грэкам у той час, калі тварыліся ў іх першыя міты. Відаць гэта з Гамера і іншых паэтаў старой Грэцыі, асабліва ж з аповесцяў аб Апалоне і сыне яго Фаэтоне, якую аповесць перадаў нам пекным вершам рымлянін Вергілій, з мітаў аб Праметэю, Арфею, Эскулапу і інш. От жа ў старагрэцкіх пісьменнікаў знойдзем, што славяне верылі ў загробнае жыццё і па смерці сваёй мелі надзею бытаваць разам з Зямельчыцам, рэлігійным рэфарматарам, які жыў за 600–650 гадоў да нараджэння Хрыста.

Другая асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая халдэя-вавілонскаму Эа, індускаму Вішну, — гэта Правечны Кон, які даў усяму жывому законы жыцця, назначыў кон, долю і акрэсліў канец, скон. Як і ўсе багі, Правечны Кон меў многа розных эпітэтаў, якія няведамі прымаліся часам за яго ўласныя імёны. Да гэткіх імён яго належаць: Прова, Права, Тур. У адной старадаўнай саксонскай кроніцы маюцца малюнкі стараславянскіх багоў з часоў хрышчэння славянаў, між імі — рысунак стода з подпісам «Prouo». Гэты рысунак сведчыць, як хрысціянскія апосталы таго часу былі пранікнуты мазаізмам ды вавілонскімі харубамі і шайтанамі, а як мала ведалі тое, што нішчылі. Бо Кон-Прова-Тур не меў стодаў: яму пасвячаліся святыя дубы і гаі. У гэткія месцы, абгароджаныя і маючыя двое наўсупроцьных варотаў, сходзіліся ў канодныя дні старшыні народу спраўляць суды. У здарэнні, калі каго праследавалі, мог скрыцца ў загароду, хоць бы ён быў ворагам, яго ніхто не смеў крануць: бо права, праўда не на перавазе фізічнай сілы, ані на гвалце грунтуецца.

Трэцяя асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая вавілонскаму Белу і індускаму Шыве, — ёсць Сіціўрат, Сіва. Халдэйцы лічылі Бела богам апраметнай, царства вечнай цемры, дома, «у які ўсе ўходзяць, але скуль ніхто не выходзіць». Індусы Шыву называюць мсціцелем. Цікава пры гэтым адмеціць адну асаблівасць, гэта тое, што індусы аддавалі чэсць Шыве — Ішвары ў мясцовасці Рудры, а славяне — Рэтры.

І каб мы не ведалі аб тым, што дака-гецкія міты праз грэкаў сягалі да Вавілоніі і Эгіпту з адной стараны, а да Індыі з другой, — то можна было б падзіўляць незвычайную прыпадковасць у сугуччы.

У санскрыце маецца эпітэт, даваны Шыве, — Гары, які вельмі сходзен з нашым Яры, Ярыла, Яравід. Сімвалам Сіціўрата (жыццявароту) — Ярылы быў нязгасны агонь — Жывец, Жынч, Зніч (знікомы), які меў свае вечныя алтары паўсюдна, куды сягала вера славянская. Летапісы ўпамінаюць аб такіх вечных агнях у Вільні, Вялікім Ноўгарадзе, а ў заходніх славянаў у Жніне, Гнезне і Жуліне на Паморы. Усюды, дзе існуюць або існавалі першыя хрысціянскія святыні, пасвячоныя прароку Іллі, яны былі будаваны на месцах вечнага агню. Бо Ілля заступаў у пачатках хрысціянства Ярылу. Цэрквы такія былі ў Менску, Віцебску, Смаленску, Полацку і іншых гарадах. Святары, служыўшыя Яраму, называліся ведунамі, вядачамі, вятачамі, вяцвягамі, бо яны прарочылі будучае. Няхай не дзівіць, што сіле мсцівай надаваўся эпітэт белага, яркага. Гэта дзеля ўласкаўлення яго. Бо ж дагэтуль, па старой памяці, народ называе агонь — багач, цяпло, святло, каб не ўквяліць грознай сілы. У мысль гэтага страшны Лясун носіць эпітэты Дабрахот, Зялун, а чорны балотны дух — Бялун, той, гэты і, ужо пад уплывам навейшага светагляду, нячысцік.

5