Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасвеччыны. Мяне даўно маніў к сабе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, сягаючым у легендарныя часы, і гэтага году я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў правесці ў Полацку. На маю пастанову астаточна заважыў ліст, атрыманы з Полацка ад тамтэйшага аматара-археолага Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся кружок любіцеляў старасвеччыны з мясцовых жыхароў. «У нашых вячорніх вольных бяседах сапраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і фантазіях…» — пісаў ён мне ў сваім лісце.
Вечарам таго ж дня я сеў у вагон у Вільні, а на другі дзень раніцай ужо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памяшчэння ў гасцініцах.
Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі, паходзячыя з раскопак у даўняй княжай сялібе — Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўчаснікамі, як яны называлі, «Археалагічнай вольнай контэрфратэрніі». Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар'еры русіфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расійску трэба пісаць названне гораду не «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым пераменаванні прастарой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю». Вынікам яго брашуры сталася тое, што ў расійскай мясцовай пісоўні завёўся хаос, бо некаторыя пачалі, сапраўды, пісаць «Полотск», «полотскій» і т. д., а іншыя пайшлі яшчэ далей і пісалі — «Полотеск», кансерватары ж і мясцовыя жыхары асталіся пры старой назове.
Пры цяперашняй, асабістай з ім знаёмасці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў збірае матэрыялы і дакументы да гісторыі краёвай, што ў яго два пакоі бітком набіты гэтымі матэрыяламі, сярод якіх маюцца неашацаванай вартасці рэчы.
Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г.п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён гэбрайскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.
Мы ўмовіліся сустрэцца разам з іншымі яшчэ ўчаснікамі «вольнай контэрфратэрніі» на кватэры ў Івана Іванавіча.
Вечарам прыбыло яшчэ двое. Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамендавалі пад найменнем Падземны чалавек, спецыяльнасцю яго было знанне розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам, але на заканчэнне заўсёды дадаваў: «Так пераказуюць, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды».
І, урэшце, апошнім учаснікам «контэрфратэрніі» быў сярэдніх гадоў вучыцель гарадской школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцця хрысціянства крывічамі.
Перазнаёміўшыся, расселіся мы за сталом на выгодных т. зв. клубных крэслах, глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар, і красавалася бутэлька, запарушаная пылам і плесню, з водкай «старкай». На талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцісона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў рукамі беларускіх гаспадарных кабет.
Пасля другой-трэцяй чаркі Падземны чалавек пахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак, — насыпная. Што першапачаткава гэта была толькі магіла знамянітага валадара ўсёй пабалтыцкай «ратайскай» Скіфіі, а пазней яе дасыпалі, і на ёй стаяла бажніца, пасвячоная Дзеве-Сонцу, якую чцілі тут у постаці агністага птаха з дзявочай галавой. Пры гэтым ён сягнуў у кішэнь і падаў мне бронзавы медаль са стылізаваным рысункам, характэрнага вельмі, але нябачанага мной дагэтуль стылю. На адной старане медалю быў змеявік, а на другой — Дзева-Сонца, у постаці птаха з людской галавой, акружанай аўрэоляй.
— Гэткія медалі даўней знаходзілі часта каля гары, а гэты — я сам выкапаў у пясочку.
У нашу размову ўмяшаўся вучыцель, які сказаў:
— Я бачу, што вас застанаўляе закончаны стыль рысунка. І я пэвен, што вы думаеце — вот сабе грубы прымітыў! Людзі імкнуліся нешта адтварыць, але не маглі перабароць тэхнікі, а дзеля гэтага зрабілі быццам цень падобнасці да рэальных змеяў. Вось акурат у гэтым крыецца нашае самае грубае неразуменне старасвеччыны. Паслядзіце за развіццём мастацтва ў Грэцыі: там пасля груба рэалістычных скульптураў Фідзія і яго сучаснікаў, пасля вульгарнага класіцызму настае перыяд пазнейшы — візантыйскі. Стыль візантыйскі — гэта не ёсць упадак мастацтва, а яго вышэйшая ступень. Першы перыяд належыць, як і ў развіцці рэлігіі, да богатворання прыроды, другі — да тварэння прыроды па свайму замыслу і хаценню. У першым перыядзе чалавек няпэўны сваіх духовых сіл, і яму здаецца, што звер не толькі фізычна, але і духова сільнейшы за яго, яму імпануе зверачы свет, і ён пачынае яго багоміць. А таму ахвотна прыбірае сваю галаву бычачымі рагамі, цела акрывае мядзведжымі скурамі або размалёўвае на ім падабізны імпануючых яму звярат і гадаў. Калі ж ходам развіцця культуры чалавек даходзіць да пазнання самога сябе, да ацэны сваіх духовых сіл ён разам з бычачымі рагамі скідае з сябе і багомленне рэальных форм у мастацтве. Пачынае сам тварыць неіснуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва. Візантыйскае мастацтва — гэта ёсць мастацтва вышэйшай фармацыі, чым грэцкі класіцызм, бо гэта ёсць мастацтва не натуралістычнае, а кананічнае. Тое, што мы бачым у Грэцыі, паўтараецца ўсюды, дзе толькі цывілізацыя людская даходзіла да вышэйшых ступеняў: і ў Асірыі, і ў Вавілоніі, і ў Эгіпце, і ў Індыі, у Кітаі і Японіі…