Гэты медаль сведчыць нам, што і мы, на гэтай зямлі, у гэтым краю, праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула, якой астанкі, вельмі рэдкія, з'яўляюцца пакуль што для нас таёмнымі крыптанімамі, даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў бы, пасвячоным людзям. Нашае няшчасце ў тым, што край наш не абладае ні годным да будовы каменнем, ні капальнямі мінералаў, а з гэтай прычыны адзіным, годным да будовы матэрыялам было дрэва, нашы мастацкія будоўлі былі драўляныя, малатрывалыя. Нашыя пісаныя памятнікі не на камянях высякаліся, але на бяроставых пластках былі крэслены, якія лёгка запаляліся і гнілі. Скажыце, каб у Эгіпце, Індыі, Вавілоне была драўляная культура, то ці ведалі б мы сягоння што-колечы аб ёй? Не.
— Маеце слушнасць, — сказаў памешчык. — Нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры. Як довад магу прывесці, што дагэтуль сярод нашага простага народа, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, дагэтуль маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў. Напрыклад, гвязду Венеру дасягоння сяляне называюць Чагір. Пад найменнем Чагір фігуруе Венера ў супрасльскім календары ХVІІІ ст., дзе аб ёй гаворыцца: «Гвезда Чагір між усімі гвездамі 10 месц у кожным месяцы мае, а па трыкрот прыходзіць на кожнае месца кожнага месяца». Вялікую Мядзведзіцу называюць Стажарамі; Плеяды — Сітцом, або Вуціным Гняздом; Арыёнаў пояс — Кігачамі; тры гвязды каля Млечнай Дарогі называюць Праллямі, або Жалезны Абруч; у галаве Млечнай Дарогі знаюць Касьбітоў, а саму Млечную Дарогу называюць Вайсковым Станам. Назоў гэтых захавалася многа. А што гэта знача? Гэта знача, што быў калісь час, калі ў нас працвітала астралогія, глыбокае знанне якой з'яўлялася прывілеем класа вучоных, але была адначасна, мабыць, ведай, даступнай для ўсіх станаў.
Тут яго перапыніў стары чыноўнік, кажучы:
— Сярод маіх сабранняў меў я карціны кніг, пісаных на бяросце незразумелымі знакамі, падобнымі да рунічнага пісьма. Я маю даныя цвердзіць, што т. зв. ятвягі не былі асобным племем, як памылкова ўтрымліваюць, а гэта ёсць названне класа святароў паганскіх часоў. Тых зорнікаў і зораведаў, а па-цяперашняму астраномаў, якія адначасна былі і класам святароў, духоўнікаў. Прашу звярнуць увагу на падобнасць паняцця, уложанага ў словы «ятвяг» і «жрэц». Там і тут да ўтварэння слова ўзята паняцце яды — жорці, есці. Выйдзеце з гэтага пакою на рынак і спытайце, дзе прадаюць ядомыя рэчы? Усякі вам адкажа — у ятках. У старапольскай мове жэртва называецца «objata», ізноў-такі тое самае паняцце яды ўложана ў слова. Наш селянін дагэтуль кажа на страву «ятво», славянскае — яство, яства. Па-польску пішацца «jadzwingowie», дык і тут ёсць карэнь «яд», «яда»…
У даўныя часы паміж словамі «ятвяг» і «жрэц» была акурат такая розніца, як у цяперашнім нашым разуменні паміж словамі «святар» і «жрэц». Для ваюючага і нішчачага ўсё паганскае хрысціянізму, усе старой веры і святары, і грубыя шаманы, і варажбіты — былі агульна пагарджанымі жрацамі. Гэта стараверная, з высокай культурай інтэлігенцыя брыдзілася змагацца забойствамі з новай верай і эмігравала ў глухія пушчы на пагранічча старавернай і аднавернай з імі Літвы. Як іх там тропілі і нішчылі немаль штогод, палячы будоўлі і выразаючы людзей, сведчаць ужо расійскія і польскія летапісцы. Разам з тым, калі загінулі ятвягі, загінула і старая дахрысціянская наша культура.
Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:
— Я там не ведаю, якое названне насілі святары дахрысціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — звярнуўся да мяне, — Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пясчыстым урочышчы; гэта месца — жалю, смутку, па-нашаму — могілкі — носіць найменне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасць. Там, у Богіне, ёсць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі. Часцю пісаны яны на дасочках, часцю на бяроставых пластках. Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, усярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец… Толькі дужа страшна ісці там.
Голас яго абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсле, а вочы застыглі, быццам угледжаныя ў няведамую даль.
На момант спынілася размова, а пазней памалу перайшла на знамянітую полацкую бібліятэку, якой, здабываючы Полацак у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў. Якую даручаў папа Грыгор ХІІ Пасевіну знайсці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэта была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах. Іван Іванавіч расказаў, што ўласнымі вачамі чытаў у старых метрычных кнігах, у архіве віцебскай лютэранскай кірхі запісь на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы.